КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)